Святлана Ціханоўская правяла званок з прэзідэнтам ПА Рады Еўропы Рыкам Дамсам. Яна падзякавала прэзідэнту ПАРЕ за прынятыя ў красавіку рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека і аб тэрміновай рэформе выбараў у Беларусі. Беларуская лідарка таксама распавяла пра рэпрэсіі над людзьмі ў краіне, пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, катаванні над палітвязнямі, пра Рамана Пратасевіча і Сцяпана Латыпава.
Ціханоўская заклікала ПАРЕ:
– стварыць дадатковыя магчымасці для ўдзелу дэмакратычных сіл у працы ПАРЕ;
– утрымліваць тэму Беларусі на парадку дня міжнароднай супольнасці і дзякуючы гэтаму ўзмацніць ціск на рэжым, публічна выказваць сваю пазіцыю па беларускім крызісе;
– спрыяць пачатку дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі і рэжымам з мэтай выхаду з крызісу.
«Я ўпэўненая, што Беларусь толькі выйграе ад сапраўднага супрацоўніцтва з Радай Еўропы ў прыярытэтных галінах: правы чалавека, дэмакратыя, умацаванне вяршэнства права і барацьба з карупцыяй праз рэфармаванне дэмакратычных інстытутаў, а таксама прыняцце старанна прапрацаванага заканадаўства і абарону свабоды СМІ», – заявіла Ціханоўская.
