Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне створыць Музэй Вольнай Беларусі

Беларусы захоўваюць вялікую колькасьць дакументаў і артэфактаў, якія маюць для Новай Беларусі гістарычную й культурную каштоўнасьць. Дакументы, збвязаныя з выбарамі-2020, лісты й малюнкі палітвязьняў, улёткі, плякаты, сьцягі й іншая пратэстная атрыбутыка, кіна- й фотадакументы. Усё гэта й многае іншае — дакументальныя сьведчаньні найважнейшых гістарычных падзей.

Мы разумеем, што зьбіраць і захоўваць такія прадметы ў Беларусі цяпер вельмі небясьпечна. Частка прадметаў таемна захоўваецца ў дамах вольных беларусаў, іншая частка вывезена з краіны. Важна захаваць нашу гісторыю, таму мы абвяшчаем пра запуск новага праекта — Музэя Вольнай Беларусі.

На старце праекта НАУ абвяшчае збор прадметаў музэйнага значэньня, зьвязаных з пратэстным рухам у Беларусі ў 2020−2021 гадах для запуску часовай экспазыцыі Музэя, а таксама стварэньня лічбавых копій гэтых прадметаў для сайта музэя. Усе зьвесткі пра людзей, якія перадалі інфармацыю аб прадметах праз чат-бот @NAUsupport, застануцца, пры жаданьні, ананімнымі. НАУ гарантуе бясьпечны збор, часовае захоўваньне й захаванасьць прадметаў і іх копій.

Часовая экспазыцыя Музэя Вольнай Беларусі будзе арганізаваная ў Польшчы (з наступным абавязковым перамяшчэньнем экспанатаў у Новую Беларусь), таксама мы запусцім сайт «Музэй Вольнай Беларусі».

НАУ накіравала запыт на падтрымку свайго праекта ў Міжнародны Камітэт мэмарыяльных музэяў памяці ахвяр публічных злачынстваў (International Committee of Memorial Museums in Remembrance of the Victims of Public Crimes (ICMEMO) Міжнароднай рады музэяў (International Council of Museums (ICOM).

Стварэньне Музэя Вольнай Беларусі ўжо падтрымалі Беларуская Рада культуры й Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці. Мы заклікаем узяць удзел у стварэньні Музэя ўсе дэмакратычныя сілы і ўсіх свабодных беларусаў. Разам мы захаваем нашу гістарычную памяць!

Поўнае відэа можна паглядзець па спасылцы.