Народныя амбасады й Народнае Антыкрызіснае ўпраўленьне падтрымліваюць ініцыятыву Сьвятланы Ціханоўскай і Беларускай Рады культуры аб правядзеньні 7 ліпеня Міжнароднага дня беларускай культуры і Міжнароднага Тыдня беларускай культуры з 5 па 11 ліпеня.
7 ліпеня — дзень нараджэньня Янкі Купалы, які гэтак жа, як і ўсе мы, верыў у свабодную й незалежную Беларусь. Імёны Купалы й іншых беларусаў ўпісаныя ў гісторыю сусьветнай культуры. І мы ганарымся нашай багатай культурнай спадчынай і традыцыямі.
Доўгія гады рэжым намагаўся зрабіць так, каб мы ня ведалі сваіх каранёў і сваёй культуры, хацеў пазбавіць беларусаў пачуцьця нацыянальнай самасвядомасьці, скрасьці ў беларускага народа павагу да гістарычных і культурных каштоўнасцяў. Але яму гэта не ўдалося.
Народнае Антыкрызіснае упраўленьне ня толькі далучаецца да Міжнароднага Тыдня беларускай культуры, але й заклікае да гэтага кожнага вольнага беларуса.
Ёсьць дзясяткі спосабаў праявіць салідарнасьць і далучыцца да ініцыятывы. Вы можаце наведаць у сваім горадзе месцы, зьвязаныя зь вядомымі дзеячамі беларускай культуры, разам з аднадумцамі яшчэ раз перачытаць нашых клясыкаў, арганізаваць беларускі канцэрт ці выставу, пачаць культурны флэшмоб у сацыяльных сетках з тэгам #by_culture або схадзіць зь сябрамі на традыцыйнае для беларусаў свята Купальле.
Хай галасы беларусаў чуюць ва ўсім сьвеце! Далучайцеся!
