«Ідэя выхаду Беларусі зь ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства» – гэта новая дэманстрацыя няўпэўненасьці рэжыму, якая нікуды не сышла. Ён помсьціць, але такімі дзеяньнямі толькі праяўляе слабасьць і недальнабачнасьць. Усходняе партнэрства – гэта праграма, якая адкрывае для нашай краіны мноства магчымасьцяў, уключна з адукацыяй, кантактамі паміж людзьмі, новымі палітычнымі й эканамічнымі сувязямі. Лукашэнка хоча пазбавіць нас, беларусаў, усяго гэтага. Але я хачу нагадаць, што ўсе яго рашэньні зь 9 жніўня 2020 года не маюць законнай сілы: ён прадстаўляе толькі свае інтарэсы, якія прыносяць відавочную шкоду інтарэсам народа.
Таму Беларусь зацікаўленая працягваць удзел ва Ўсходнім партнэрстве. І мы – мая каманда і ўсе дэмакратычныя сілы – працягнем працаваць з нашымі эўрапейскімі партнэрамі й зробім усё, каб у праектах Усходняга партнэрства, уключна з сёлетнім самітам, нашу радзіму прадстаўлялі тыя, хто сапраўды мае права казаць ад імя народа.
І я асабіста хачу выказаць вялікую павагу дэлегацыі ЭЗ у Менску за актыўную пазыцыю, дапамогу рэпрэсаваным і прысутнасьць іх каманды на судах над невінаватымі беларусамі. Мы рады, што беларусы маюць такіх сяброў».
