Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) прыпыніў сяброўства «Белтэлерадыёкампаніі» ў арганізацыі. Гэта наша агульнае дасягненне
У афіцыйнай заяве EBU гаворыцца, што арганізацыя ўважліва сочыць за падаўленнем свабоды слова ў Беларусі і рэпрэсіямі супраць СМІ. Арганізацыя падтрымлівае журналістаў «Белтэлерадыёкампаніі», якія пратэставалі летам. EBU назірае за матэрыяламі НДТРК і паведамляе пра свае апасенні кіраўніцтву беларускага госТВ.
«У апошнія тыдні нас асабліва ўстрывожылі відэа з людзьмі, якія даюць інтэрв’ю пад прымусам. У святле выключнасці падзей EBU не застаецца нічога іншага, акрамя як прыпыніць сяброўства НДТРК », – з афіцыйнага прэс-рэлізу Еўрапейскага вяшчальнага саюза.
Еўрапейскі вяшчальны саюз даў НДТРК два тыдні на адказ – да ўступлення рашэння ў сілу.
Выключэнне НДТРК з EBU цягне за сабой іміджавыя страты для Беларусі, а таксама б’е па самалюбстве прапагандыстаў. Таксама «Белтэлерадыёкампанія» не зможа праводзіць адбор на Еўрабачанне, весці некаторыя спартыўныя трансляцыі і карыстацца матэрыяламі Саюза. Гэта чарговая дэманстрацыя прызнання рэжыма Лукашэнкі нелегітымным на міжнародным узроўні.
НАУ дзякуе Фонд культурнай салідарнасці і дыяспару, а таксама ўсіх беларусаў, якія звярталіся ў сацыяльныя сеткі EBU. Гэта наша агульнае дасягненне.
