НАУ накіравала лісты ў замежныя банкі Citibank, Raiffeisen, Credit Suisse і Deutsche Bank, каб тыя закрылі карэспандэнцкія рахункі «Беларусбанка» і «Белінвестбанка». Для беларускіх дзяржаўных банкаў гэта азначае, што яны не змогуць праводзіць міжнародныя аперацыі.
«Мы просім разгледзець пытанне аб прыпыненні ўсіх фінансавых аперацый з «Беларусбанкам» і «Белінвестбанкам» да таго часу, пакуль яны не спыняць прадастаўляць фінансавыя паслугі асобам, якія падпадаюць пад санкцыі», – гаворыцца ў лістах НАУ.
«Беларусбанк» і «Белінвестбанк» – дзяржаўныя банкі, якія, да таго ж, абслугоўваюць арганізацыі, якія адказныя за фальсіфікацыі і рэпрэсіі: ЦВК, АМАП, «Альфа» і іншыя. Гэтыя структуры ўжо трапілі пад санкцыі краін ЕС, ЗША і іншых краін. Замежным Citibank, Raiffeisen, Credit Suisse і Deutsche Bank, у якіх адкрыты карэспандэнцкія рахункі беларускіх дзяржбанкаў, прыйдзецца выконваць Санкцыйнае заканадаўства.
Зараз любы банк, які будзе абслугоўваць рахункі АМАП, ДВП і іншых рэпрэсіўных ведамстваў, трапляе пад прыцэл санкцый. Банкам трэба будзе выбіраць: ці працаваць з сілавікамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі і застацца без карэспандэнцкіх рахункаў у замежных банках, альбо адмовіць сілавым структурам.
Народнае антыкрызіснае кіраванне рэалізуе гэтую кампанію ў рамках «Беларускага вызвалення. Вясна-2021 ». Яна накіравана на блакаванне абслугоўвання ў банках структур, адказных за фальсіфікацыі, гвалт і рэпрэсіі супраць мірных беларускіх грамадзян.
Нядаўна Павел Латушка звярнуўся да інвестыцыйных фондаў, каб тыя прад’явілі да датэрміновага пагашэння беларускія дзяржаблігацыі, размешчаныя ў чэрвені 2020 года. Таксама лісты атрымалі інвестыцыйныя банкі, якія размясцілі еўрабонды Беларусі, і МВФ. Замежныя СМІ ўжо адрэагавалі на сітуацыю.