Больш за тры месяцы прайшло з 15 лістапада – дня затрымання журналістак Кацярыны Андреевой і Дар’і Чульцовой, якія асвятлялі падзеі нядзельнага маршу. Сёння іх асудзілі неправамерным рашэннем дыктатарскага суда да пазбаўлення волі. Гэта на 100% палітычнае рашэнне, мэта якога – запалохаць усіх сумленных і незалежных журналістаў. Кацярына і Дар’я самааддана і сумленна выконвалі сваю прафесійную дзейнасць як журналісты, і за гэта іх трэба дзякаваць, а не судзіць.
Ніколі не забуду іх прамы эфір з Плошчы Пераменаў, які патрос мяне да глыбіні душы. Давайце яшчэ раз вернемся ў памяці да гэтых кадраў, якія мы ўбачылі дзякуючы двум неверагодна адважным дзяўчатам.
Рэжым думае, што такімі паказальнымі судамі, ператрусамі, затрыманнямі, пазбаўленнем акрэдытацый і іншымі рэпрэсіямі ён зможа схаваць ад людзей праўду. Думае, што зможа прымусіць маўчаць людзей, якія дапамагаюць ўсяму свету бачыць увесь жах, які робіцца ў Беларусі з-за Лукашэнкі і яго набліжаных.
Але так ня будзе. Нельга прымусіць маўчаць свабодалюбных людзей. Нельга схаваць праўду, калі кожны чалавек здольны рабіць фота, відэа і перадаваць сумленную інфармацыю. І кожны з нас, мы разам, будзем выконваць місію сумленнай журналістыкі. Кожны з нас мае права лічыць сябе журналістам праўды супраць хлусні.
Словы падтрымкі і глыбокай павагі ўсім сумленным журналістам, блогерам і ўсім людзям, якія паказваюць праўду. Кацярыне Андрэевай, Дар’і Чульцовой і яшчэ 253 палітвязням – стойкасці і веры ў тое, што ў хуткім часе вы будзеце вызваленыя.
А суддзі, якія выносяць палітычныя прысуды, павінны ведаць: я буду дамагацца санкцый. Іх імёны і прозвішчы трывала ўпісаны ў дакументы па незаконных справах. Сёння максімальныя абмежаванні для несумленных суддзяў – адзін з галоўных прыярытэтаў у адстойванні санкцыйных палітыкі. У будучыні наступіць крымінальная адказнасць у дачыненні да тых, хто парушыў прысягу правасуддзя.