Лукашэнка любіць палохаць беларусаў прыватызацыяй і разбазарваннем стратэгічных актываў краіны пасля змены ўлады. На гэтым фоне да нас прыходзяць паведамленні аб магчымым продажы расійскім кампаніям «Беларускага металургічнага завода», «Беларуськалія» і «Гродна Азота».
Калі гэтая інфармацыя праўдзівая, то падобныя планы ідуць насуперак не толькі з рыторыкай былога прэзідэнта, але і з законам. А для патэнцыйных пакупнікоў – яшчэ і са здаровым сэнсам.
Доля рэспубліканскай уласнасці ў БМЗ і «Беларуськаліі» складае 100%, а ў «Гродна Азот» – 99,97%. Ці варта сумнявацца, што продаж любой з названых кампаній рэальная толькі з асабістага адабрэння Лукашэнкі? І тут у нас дрэнныя навіны для інвестараў.
Верагоднасць празрыстасці такіх здзелак імкнецца да нуля, кошт наўрад ці будзе справядлівым, а рызыка змовы датычных асобаў і пакупнікоў больш чым істотная. Пры працуючым законе доказаў вышэйпералічанага было б дастаткова для прызнання здзелкі несапраўднай нават у беларускай эканамічным судзе.
Рэалізацыя гэткіх значных актываў – дакладна не ў інтарэсах краіны. Нармальны ўрад павінен імкнуцца павялічыць кошт прадпрыемства, а не год за годам нарошчваць яго страты, каб потым прадаць за мінімальны кошт.
Пасля 5 лістапада 2020 года больш за 40 краін свету не прызнаюць Лукашэнку прэзідэнтам, а ягоны ўрад – легітымным. Чаму гэта важна? Здзелкі такога ўзроўню ў выпадку ўзнікнення спрэчак разглядаюцца ня на лакальным узроўні, а ў міжнародным камерцыйным арбітражы. Як гэта прама зараз адбываецца, да прыкладу, са справамі аб інвестыцыях расійскага «Магнолиума» у менскае тралейбуснае дэпо №1 і банкруцтвам «Дэльта Банка».
Відавочна, што пасля змены ўлады новы ўрад ініцыюе прызнанне незаконнасці магчымых здзелак па продажы актываў беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у міжнародным арбітражы. Таму патэнцыйныя пакупнікі гэтых прадпрыемстваў рызыкуюць ў канчатковым выніку застацца не толькі без прынадных актываў, але і без выдаткаваных на незаконныя здзелкі грошай.